АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ РУХАВІ́К,

цеплавы або электрычны рухавік для аўтамабіляў. Найб. пашыраныя поршневыя рухавікі ўнутранага згарання складаюцца з корпуса (картэр з паддонам і блок цыліндраў з галоўкай), крывашыпнашатуннага і газаразмеркавальнага механізма, сістэм сілкавання палівам, выпуску адпрацаваных газаў, ахаладжэння і інш. Маюць 2- ці 4-тактавы рабочы працэс, ад 2 да 12 цылінадраў, размешчаных вертыкальна, V-падобна ці гарызантальна. Працуюць на вадкім і газавым паліве, маюць знешняе ці ўнутранае сумесеўтварэнне, іскравое запальванне ці ўзгаранне ад сціскання (дызелі). Выкарыстоўваюцца таксама ротарна-поршневыя, газатурбінныя рухавікі, электрарухавікі. Развіццё аўтамабільных рухавікоў ідзе ў кірунку павышэння эканамічнасці і рэсурсу работы, выкарыстання новых трывалых матэрыялаў (кераміка, кампазіты і інш.), электронных сістэм кантролю і кіравання рабочым працэсам, зніжэння шкодных выкідаў, памяншэння масы і габарытаў. На Беларусі вытворчасць аўтамабільных рухавікоў пачата ў 1992 на Мінскім маторным з-дзе, дзе зроблены дызельны аўтамабільны рухавік Д-265 з гарыз. размяшчэннем цыліндраў магутнасцю 155 кВт (210 к.с.) пры 2100 абаротах за мінуту. Прызначаны для гарадскіх аўтобусаў.

Літ.:

Двигатели внутреннего сгорання: Устройстве и работа поршневых и комбинированных двигателей. 4 изд. М., 1990;

Автомобильные двигатели. 2 изд. М., 1977.

В.А.Сяргеенка.

т. 2, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)